Літаратурная прэмія Гедройца
АБВЕШЧАНЫ ШОРТ-ЛІСТ ЛІТАРАТУРНАЙ ПРЭМІІ ІМЯ ЕЖЫ ГЕДРОЙЦА
7 лютага на на сядзібе Беларускага ПЭН-Цэнтру адбылася прэс-канферэнцыя, у якой узялі ўдзел:
- Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Лешак Шарэпка, (pl. Leszek Szerepka)
- дырэктар Польскага інстытуту ў Мінску, Радца Пасланнік Пётр Казакевіч (pl. Piotr Kazakiewicz),
- старшыня Саюзу беларускіх пісьменннікаў Барыс Пятровіч,
- старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Андрэй Хадановіч.
Цэнтральнай падзеяй прэс-канферэнцыі стала абвяшчэнне шорт-ліста прэміі, у які трапілі кнігі 6 празаікаў, а менавіта (у алфавітным парадку):
1. Уладзіслаў Ахроменка “Тэорыя змовы” (Мінск: Логвінаў)
2. Альгерд Бахарэвіч “Малая медычная энцыклапедыя Бахарэвіча” (Радыё Свабода, серыя “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе”)
3. Павал Касцюкевіч “Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту” (Мінск: Логвінаў)
4. Артур Клінаў “Шалом: ваенны раман” (Мінск: Логвінаў, серыя “Кнігарня “Нашай Нівы””)
5. Аляксандар Лукашук “След матылька. Освальд у Мінску” (Радыё Свабода, серыя “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе”)
6. Андрэй Федарэнка “Мяжа” (Мінск: Літаратура і Мастацтва, серыя “Лімаўскі фальварак”)
Блог Кнігі
Усе навіны Літаратурнай прэміі Гедройца – у спецыяльным блогу:
http://bellitaward.blogspot.com/
Кніга – галоўны герой Літаратурнай прэміі Гедройца. У блогу трывае спецыяльны праект – Людміла Рублеўская, Ганна Янкута, Павел Абрамовіч, Маргарыта Аляшкевіч, Марыя Мартысевіч выступаюць з рэцэнзіямі на кнігі лонг-ліста. Праект пакліканы адрадзіць увагу да літаратурнай крытыкі як да жанру і перанесці акцэнт з асобы пісьменніка на створаны ім тэкст.
Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь
Польскі Інстытут у Мінску
Беларускі ПЭН-Цэнтр
Саюз беларускіх пісьменьнікаў
абвяшчаюць пра заснаваньне Літаратурнай прэміі Гедройца за найлепшую кнігу прозы якая выйшла ў 2011 годзе на беларускай мове.
Мэты прэміі
- ушанаваць памяць Ежы Гедройца (Jerzy Gedroyc) (1906 – 2000) – публіцыста, палітыка, заснавальніка і рэдактара парыскага грамадзка-палітычнага часопісу «Kultura» на польскай мове. Ежы Гедройц нарадзіўся ў 1906 годзе ў Менску і ў сваёй культурнай дзейнасьці быў пасьлядоўным прыхільнікам добрасуседзкіх зносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю, Літвой, Украінай;
- паспрыяць паглыбленьню польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры;
- папулярызаваць сучасную беларускую літаратуру ў Беларусі і Польшчы
- падтрымаць актуальных беларускіх пісьменьнікаў, паспрыяць выхаду іх творчасьці на міжнародны ўзровень
Умовы прэміі
Літаратурная прэмія Гедройца прысуджаецца за найлепшую кнігу, якая была выдадзеная (у папяровым або электронным варыянтах) у 2011 годзе на беларускай мове ў жанрах “мастацкая проза”, “эсэістыка” (журы прэміі пакідае за сабой права вызначаць жанр твораў у спрэчных выпадках). Намінаваньне пройдзе ў тры этапы. Напачатку 2012 г будзе абвешчаны лонг-ліст прэміі (12 пазіцыяў). Напачатку лютага будзе абвешчаны шорт-ліст прэміі (6 пазіцыяў). Абвяшчэньне і ўшанаваньне пераможцы(-аў) адбудзецца 3 сакавіка 2012 году, у Міжнародны дзень пісьменьніка. Сярод узнагародаў – магчымасьць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпэндыі і запрашэньні ў эўрапэйскія дамы творчасьці.
ГАЛОЎНЫ ПЕРАМОЖЦА АТРЫМАЕ ГРАШОВУЮ ЎЗНАГАРОДУ, СПОНСАР ЯКОЙ – ЗАТ “СОМБЕЛБАНК”.
Права прапаноўваць кнігі для ўключэньня ў лонг-ліст прэміі маюць: сябры журы, дырэктары выдавецтваў, кіраўнікі творчых суполак і пісьменьніцкіх арганізацыяў і (у пэрспэктыве) ляўрэаты прэміі папярэдніх гадоў. Для намінацыі кнігі на прэмію неабходна даслаць або перадаць у сядзібу Беларускага ПЭН-Цэнтру падпісаную заяўку ў адвольнай форме, далучыўшы да яе 5 асобнікаў намінаванай кнігі.
Журы прэміі
старшыня журы - Лешак Шарэпка– Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь
БЕЛАРУСЬ:
Барыс Пятровіч – празаік, намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”
Андрэй Хадановіч – паэт, перакладчык, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру
Уладзімір Арлоў – паэт, празаік,
Валянцін Акудовіч – філёзаф
Людзьміла Рублеўская – паэт, пазаік, літаратурны крытык
Маргарыта Аляшкевіч – літаратурны крытык
ПОЛЬШЧА
Адам Паморскі, перакладчык, прэзідэнт Польскага ПЭН-клубу
Пётр Казакевіч – дырэктар Польскага Інстытуту ў Мінску
Прадстаўнік спонсара – ЗАТ “СОМБЕЛБАНК”
12 студзеня журы Літаратурнай прэміі Гедройца вызначыла лонг-ліст прэміі, у які ўвайшлі кнігі 12 беларускіх празаікаў, выдадзеныя цягам 2011 году.
У алфавітным парадку ў сьпіс увайшлі наступныя аўтары і іх творы:
1. Уладзіслаў Ахроменка “Тэорыя змовы” (Менск: Логвінаў)
2. Альгерд Бахарэвіч “Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча” (Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, сэрыя “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе”)
3. Лявон Вольскі “Міларусь” (Менск: Мэдыял, сэрыя “Кнігарня Пісьменьніка”)
4. Віктар Карамазаў “Мастак і парабкі” (Менск: Мэдысонт)
5. Павал Касьцюкевіч “Зборная Беларусі па негалоўных відах спорту” (Менск: Логвінаў)
6. Артур Клінаў “Шалом: ваенны раман” (Менск: Логвінаў, сэрыя “Кнігарня “Нашай Нівы””)
7. Аляксандар Лукашук “Сьлед матылька. Освальд у Менску” (Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, сэрыя “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе”)
8. Ян Максымюк “Словы ў голым полі” (Менск: Логвінаў, сэрыя “Галерэя “Б”)
9. Віктар Марціновіч “Сьцюдзёны вырай” (электроннае выданьне, 34mag.net)
10. Ала Сямёнава “У сьвятой краіне выгнаньня” (Менск: Кнігазбор, сэрыя “Кнігарня пісьменьніка”)
11. Андрэй Федарэнка “Мяжа” (Менск: Літаратура і Мастацтва, сэрыя “Лімаўскі фальварак”)
12. Макс Шчур “Ліст, знойдзены на папялішчы” (Познань: Белы крумкач)
Сакратарка прэміі – Марыя Мартысевіч. Кантакты: (017)2881461 (з 9:00 да 16:00 па буднях) e-mail:penkonkurs@gmail.com