Вярнуцца на сайт
...Увесь мой дэманізм канцэнтруецца ў супраціве польскай абмежаванасці, у супраціве, але не ва ўцёках, а таму змаганне можа весціся ў межах толькі польскай мовы. «Прыватныя абавязкі»
Я не нарадзіўся ў Польшчы, не выгадаваўся ў Польшчы, не жыву ў Польшчы, але пісаў па-польску. «Прыватныя абавязкі»
Не зайздрошчу крытыкам, якія будуць пра мяне пісаць, таму што іграў я на вельмі многіх фартэпіянах. «Зямля Ульра»
...Гэта мета-літаратура, то бок слова, якое не паведамляе, а ачышчае. Анджэй Кіёўскі
Мілаш увесь — гэта незастылая, арыгінальная думка ў развіцці. Артур Мендзыжэцкі
Предыдущая цитата Следующая цитата «Родная Еўропа» — год Чэслава Мiлаша
Вершы
У Рыме на Кампа дзі Ф’ёры
Місы маслін і лімонаў,
Брук віном акраплёны
Ды пялёсткамі кветак.
Пладамі ружовымі мора
Гандлёўцы сталы засыпаюць,
Цяжар вінаградных гронак
Кладзецца на пух брусквічны.

Тут менавіта, на пляцы,
Спалілі Джардана Бруна.
Каты агонь распалілі
Ў коле цікаўнае чэрні.
А ледзьве полымя згасла,
Зноў стала поўна ў тавернах,
Місы маслін і лімонаў
Неслі гандлёўцы на продаж.

Я ўспомніў Кампа дзі Ф’ёры
Ў Варшаве ля каруселі
Ў вясновы пагодны вечар
Пры гуках эстрадных мелодый.
Залпы за мурам гета
Глушыліся танцавым рытмам,
У бясхмарнае неба
Высока ўзляталі пары.

З вогнішча вецер прыносіў
Чорных паветраных змеяў –
Хапалі шматкі ў паветры
Гулякі на каруселі.
Ветрылі сукні дзяўчатам
Павевы адтуль, дзе гарэла,
Смяяліся весела гурмы
Ў час гожай варшаўскай нядзелі.

Мараль можа вычытаць нехта,
Што люд варшаўскі ці рымскі
За гандлем, забавай, каханнем
Не бачыць вогнішчаў смерці.
Іншы мараль заўважыць,
Што справы людскія мінаюць
І забыццё наступае,
Перш чым агонь дапалае.

Я ж думаў пра адзіноту
Асуджаных на загубу,
Аб тым, што калі Джардана
Ўступаў на памост да катаў,
У мове людской не здолеў
Знайсці аніводнага слова,
Каб развітацца з народам,
З тым людам, які застаўся.

Віна пабеглі ўжо выпіць,
Марскія прадаць свае зоркі.
Місы маслін і лімонаў
Неслі вясёлыя пары.
А ён быў ад іх далёкі,
Быццам мінулі стагоддзі,
Яны ж толькі хвілю чакалі
Яго адлёту ў пажары.

Тыя, самотныя, гінуць,
Пазабываныя светам,
Іх мова цяпер нам чужая,
Як мова даўняй планеты.
І ўсё гэта стане легендай,
Пройдуць гады, і за гэтым
На новым Кампа дзі Ф’ёры
Падыме бунт слова паэта.

Пераклалі Юрась Бушлякоў і Андрэй Хадановіч

Пра Мілаша

Чэслаў Мілаш, польскі паэт, празаік, эсэіст, гісторык літаратуры, перакладчык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі, юрыст і дыпламат, нарадзіўся 30 чэрвеня 1911 года ў сямейным маёнтку Шатэйны, у літоўскай Аўкштайтыі. Яго бацька — Аляксандр Мілаш, а маці — Вераніка Мілаш з Кунатаў. Сям’я Мілашаў належыць да гербу Любіч, як, дарэчы, і шматлікія беларускія шляхецкія сем’і. Будучы паэт быў ахрышчаны ў свентаброцкім касцёле Пераяўлення Гасподняга.

Даўняе Вялікае Княства Літоўскае, на землях якога Мілаш выхоўваўся, разам са сваёй шматкультурнай і талерантнай атмасферай моцна паўплывала на творчасць і светапогляд паэта, а сам ён часта прыгадваў сваё дзяцінства (прысвяціўшы гэтаму перыяду свайго жыцця аповесць з аўтабіяграфічнымі рысамі “Даліна Ісы” (“Dolina Issy”)). Паўплывалі на паэта і гістарычныя падзеі, сведкам якіх яму давялося стаць: кастрычніцкая рэвалюцыя і польска-бальшавіцкая вайна. У гэты ж самы час нарадзіўся яго малодшы брат, Анджэй Мілаш, будучы рэжысёр-дакументаліст, публіцыст і перакладчык.

Мілаш вучыўся ва ўніверсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні, спачатку на гуманітарным факультэце, а праз некаторы час ён перайшоў на факультэт сацыяльных навук, каб вывучаць права. Ён дэбютаваў у 1930 годзе на старонках універсітэцкага часопіса "Alma Mater Vilnensis" вершамі “Кампазіцыя” і “Падарожжа”. Уваходзіў у згуртаванне паэтаў-катастрафістаў “Жагары” (“Żagary”) і спрычыніўся да выдання аднайменнага часопіса. У гэты ж час Мілаш працаваў у віленскай рэдакцыі польскага радыё, аднак быў звольнены па абвінавачваннях у падтрымцы інтарэсаў літоўцаў і беларусаў.

На пачатку Другой сусветнай вайны, калі савецкая армія заняла Вільню, Мілаш вярнуўся ў родны горад (адкуль з’ехаў, адступаючы ад ваенных дзеянняў) і прыняў літоўскае грамадзянства. Аднак, калі савецкія войскі занялі ўсю тэрыторыю Літвы, Мілаш выехаў у акупаваную немцамі Варшаву, дзе працаваў ва ўніверсітэцкай бібліятэцы і ўдзельнічаў у падпольным літаратурным руху, апублікаваўшы ў 1940 годзе зборнік “Вершы” пад псеўданімам Ян Сыруць. Там жа, у акупаванай Варшаве, Мілаш піша свой цыкл “Свет. Наіўныя паэмы” (“Świat. Рoema naiwne”). Пасля паразы варшаўскага паўстання Мілаш пераехаў у Кракаў, дзе і застаўся да канца 1945 года. 

Пасля вайны Мілаш працуе ў Міністэрстве замежных спраў Польскай Народнай Pэспублікі ў якасці аташэ па культуры ў Нью-Ёрку і Парыжы. У 1951 годзе паэт папрасіў у французскага ўраду палітычнага прытулку. У Парыжы Чэслаў Мілаш жыў да 1960 года, актыўна супрацоўнічаючы з часопісам “Культура” Ежы Гедройца. У 1953 у годзе ў супрацоўніцтве з “Культурай” выходзіць мілашаўскі “Скуты розум” (“Zniewolony umysł”), кніга, якая ў хуткім часе станецца культавай. У 1958 годзе з’яўляецца ў друку “Родная Еўропа” (“Rodzinna Europa”), адна з найлепшых кніг пра “цэнтральнаеўрапейскую” ментальнасць.

У 1960 годзе Мілаш пераязджае ў ЗША, дзе выкладае славянскія літаратуры ў Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі і Гарвардзе. За мяжой ён піша галоўным чынам паэзію, найбольшую вядомасць атрымалі яго палітычныя вершы таго перыяду. Як перакладчык на мяжы 1970-х і 1980-х гг. Мілаш звяртаецца да тэксту Бібліі. У Польшчы яго афіцыйна лічаць здраднікам і рэнегатам. Да 1980 года існавала цэнзарская забарона не толькі на публікацыю яго твораў, але і на яго прозвішча наогул. Кніжкі Мілаша выдаваліся падпольна, а частка польскай эміграцыі абвінавачвала яго ў бальшавіцкіх поглядах.

У 1980 годзе Мілаш атрымлівае Нобелеўскую прэмію і акурат тады пачынае змяняцца стаўленне да  “здрадніка” і ў Польшчы, і ў эмігранцкім асяродку. У 1981 годзе Мілаш наведвае Польшчу, дзе патроху пачынаюць выходзіць яго кнігі, падчас візіту яму прысвойваецца тытул доктара honoris causa Каталіцкага ўніверсітэта ў Любліне. У 1989 Мілаш атрымлівае такі самы тытул ад Ягелонскага ўніверсітэта.

У 1989 годзе Мілаш атрымаў пасведчанне члена Таварыства польскіх пісьменнікаў пад нумарам 1. У 1993 годзе паэт вырашае вярнуцца ў Польшчу і пераязджае ў Кракаў, паводле яго сцверджання “найбольш блізкі Вільні”. У 1994 годзе ён атрымаў “Ордэн Белага Арла”, найвышэйшую ўзнагароду Польшчы.
Чэслаў Мілаш памёр 14 жніўня 2004 года ў Кракаве. Ён пражыў 93 гады. Пахаваны ў Крыпце заслужаных на Скалцы.