падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Я. Фургаліньска "Польская кухня. Адчуй смак традыцый"

24 красавiка 2018
Месца: Маладзечна, Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча, вул. В. Гасцінец, 121-3

24 красавіка 2018 года а 17-ай гадзіне ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча (г. Маладзечна, вул. В. Гасцінец, 121-3) адбудзецца прэзентацыя кулінарнай кнігі Яанны Фургаліньскай “Польская кухня. Адчуй смак традыцый” з дэгустацыяй.
 

“Польская кухня. Адчуй смак традыцый” — гэта ілюстраваная азбука польскіх традыцыйных страў. Прадстаўленыя ў кнізе 115 рэцэптаў пададзены арыгінальным спосабам — у выглядзе малюнкаў і сціслага пакрокавага апісання. Дзякуючы гэтаму атрымаўся наглядны дапаможнік, па якім кожны зможа з лёгкасцю дакрануцца да глыбокіх і блізкіх кулінарных традыцый Польшчы і адчуць іх смак.

“У вулічнай апытанцы, праведзенай у адным з польскіх гарадоў, у адказ на пытанне пра тыповыя стравы маладыя людзі найчасцей называлі піцу, бульбу фры, кебаб і спагеці. Падобнае ўражанне можа скласціся ў замежных турыстаў, якія беспаспяхова шукаюць у польскай правінцыі рэстаран з традыцыйнымі стравамі. Відаць, у пагоні за кулінарнай модай мы забыліся на нашу шматвяковую традыцыю”, — так тлумачыць ідэю кнігі яе аўтарка і ілюстратарка Яанна Фургаліньска.

Безумоўна, некаторыя стравы, тыя ж дранікі, клёцкі, суп са шчаўя ці галубцы, знаёмыя і беларусам, праўда, некаторыя, маюць свой каларыт. Але, канечне, ёсць і адметныя стравы польскай кухні - флякі па-варшаўску ці сілезскія клёцкі, бігас ці суп з памідораў – і дзякуючы гэтаму дапаможніку нават самы неабазнаны ў кулінарным майстэрстве зможа прыгатаваць і пакаштаваць іх на хатняй кухні. Для зручнасці рэцэпты аб’яднаныя ў сем раздзелаў: супы, стравы з мукі і бульбы, мясныя стравы, рыбныя стравы, гародніна, ласункі, напоі і дадаткі. У канцы кнігі змешчаны алфавітны паказальнік страў і сістэма вагі і мераў.

Кніга выйшла па-беларуску ў выдавецтве “Янушкевіч” пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.

На прэзентацыі Вы даведаецеся пра традыцыі польскай кухні, яе адметнасці і блізкасць да кухні беларускай і пакаштуеце адну з традыцыйных страў. Таксама госці прэзентацыі будуць мець магчымасць узяць удзел у віктарыне і атрымаць прызы ад арганізатараў.

Прыходзьце, будзе цікава і смачна!

Уваход вольны

Колькасць месцаў абмежаваная