падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Польскія тэатры - Люблінскі культурны цэнтр і Сцэна калейдаскоп

9 - 15 верасня 2019Тэатр
Месца: Брэст

 
ХХIV МІЖНАРОДНЫ ТЭАТРАЛЬНЫ ФЕСТЫВАЛЬ «БЕЛАЯ ВЕЖА»

Чарговы раз адзін з самых старэйшых тэатральных форумаў Беларусі знаёміць жыхароў горада са сцэнічнымі традыцыямі розных краін свету, сучаснымі тэатральнымі тэндэнцыямі, а таксама шырока рэпрэзентуе нацыянальнае сцэнічнае мастацтва Беларусі.

У 2019 г. у фестывалі возьмуць удзел драматычныя, лялечныя, пластычныя, вулічныя тэатры з 13 краін свету: Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Польшчы, Германіі, Францыі, Казахстана, Арменіі, Балгарыі, Венгрыі, Грузіі, Літвы.

У праграму фестывалю ўключана 28 спектакляў 28 тэатральных калектываў.

У межах фестывалю выступяць два калектывы з Польшчы.

9 верасня з монаспектаклем «Стрыеньска. Давай патанцуем, Зоф'я» выступіць Люблінскі культурны цэнтр (Люблін).

Спектакль заснаваны на біяграфіі ўнікальнай польскай мастачкі Зоф'і Стрыеньскай, прадстаўніцы вытанчанага напрамку ар-дэко. Дзеля таго, каб навучацца жывапісу ў Мюнхенскай акадэміі мастацтваў, куды не бралі жанчын, Зоф'я скарысталася дакументамі свайго брата. Амаль год яна выдавала сябе за мужчыну, але яе выкрылі. Тым не менш, яна стала запатрабаванай мастачкай, пісала казкі і ілюстравала іх.

Спектакль Люблінскага культурнага цэнтра раскажа пра канфлікт паміж каханнем і маляваннем, які мучыў Зоф'ю практычна ўсё жыццё.
 
 

15 верасня адбудзецца паказ вулічнага спектакля «Каменны» кракаўскага тэатра «Сцэна калейдаскоп».

Гэта сямейны спектакль, у якім аповед пра рамантычнага героя разгортваецца на фоне папулярных бяшчадскіх легенд і ўжо забытых казак. Глядач разам з акцёрамі ўваходзіць у чароўную краіну гор Бяшчадаў, дзе незвычайныя легенды, таямнічыя вераванні і фантастычныя аповесці пераплятаюцца з рэчаіснасцю сярод сапраўды казачных пейзажаў.

Галоўны герой — гэта малады чалавек, які закахаўся ў прыгожую Дабрамілу, і яна адказвае яму аднолькава моцным пачуццём. Закаханыя вырашаюць паставіць дом і стварыць сям'ю. Яны пачынаюць будаўніцтва сціплага доміка на ўскраіне лесу. Аднак, як гэта часта бывае ў жыцці, ідылія трывала нядоўга. Дабрамілу выкраў страшны дух лясоў і багнаў па імені Бес. Юнак шукае сваю любую днямі і начамі, але яго намаганні марныя. З цягам часу ён пачынае забываць, як выглядае Дабраміла, як гучыць яе голас, у рэшце рэшт, памяць пра каханую знікае…

 
 
 Аповед суправаджаецца цудоўнай харэаграфіяй, фантастычнай гульнёй акцёраў і арыгінальныай музыкай.