падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Сустрэча з паэткай Даротай Коман

17 лiстапада 2017Лiтаратура
Месца: Мінск, Галерэя ТУТ.бай (пр. Дзяржынскага, 57)

17 лістапада 2017 года ў 20.20 у Галерэі ТУТ.бай (пр.  Дзяржынскага, 57) у рамках цыкла “МЕСЯЦ ПОЛЬСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ” і літаратурнага фестывалю “Знак роўнасці” адбудзецца сустрэча з польскай паэткай Даротай Коман і прэзентацыя беларускамоўнага выдання яе вершаў “36 м² думак”.

Дарота Коман - адна з найцікавейшых сучасных польскіх паэтак і, магчыма, найлепшая ў Польшчы аўтарка свайго пакалення. У эпоху, калі паэзія маргіналізуецца, ператвараючыся ва ўніверсітэцкую “забаву” для нямногіх пасвечаных адэптаў, Дароце Коман удаецца пазбегнуць акадэмічнага герметызму і ўласцівай для постмадэрнізму халоднай іроніі. Яе паэзія – пры наяўнасці ў ёй цікавай гульні і не абы-якой філалагічнай вынаходлівасці – перадусім захоўвае шчырасць і непасрэднасць лірычнай эмоцыі, закранаючы чытача за жывое і разбураючы недарэчны стэрэатып, што сучасная паэзія нецікавая шырокаму колу аматараў.



Дарота Коман – ладзянка (з 1999 года ў Варшаве), паэтка, рэдактар кніг, літаратурны крытык, прамоўтэр чытання – сябра кнігі. Аўтар і выканаўца літаратурнай песні. Выпускніца паланістыкі Лодзкага ўніверсітэта. Член Саюза польскіх пісьменнікаў і Міжнароднага савета па дзіцячай кнізе (IBBY). У цяперашні час галоўны рэдактар “Wydawnictwo Arkady”. Дэбютавала ў 1992 годзе ў кракаўскім выдавецтве “MINIATURA” зборнікам паэтычных мініяцюр “Фройд бы ўсміхнуўся” (“Freud by się uśmiał”). Пазней выйшлі томікі паэзіі “Хачу быць жабай” / “Chcę być żabą” (1993), “Слоўнік замежных словаў” / “Słownik obcych wyrazów” (1994), “А ў мяне ўсё сакавік...” / “We mnie marzec nie mija...”(1995), “Дарота Коман” / “Dorota Koman” (1996), “Пакажы язык” / “Pokaż język” (1997),  “Гэта сёмы” / „Ten jest siódmy /Number seven ” (польска-англійскае выданне, з перакладамі Малгажаты Казьмерчак, 1998), “Дзе цяперашні час?” / „Gdzie jest czas teraźniejszy?” (2001), “Усе пяшчотныя словы” / „Wsyczky nezhny dumy” / „Wszystkie czułe słowa” (балгарска-польскае выданне; перакл. Лачэзар Селяшкі, 2012), “Машына для чытання” / „Maszyna do czytania” (2015).

У беларускае выданне “36 м² думак” увайшлі выбраныя вершы з усіх выдадзеных да сёння зборнікаў аўтаркі ў перакладах Андрэя Хадановіча. Кнігу завяршаюць вершы яшчэ не апублікаваных у Польшчы, якія аўтарка ласкава прадаставіла свайму перакладчыку. Выданне пабачыла свет у 2017 годзе ў выдавецтве “ЛогвінаЎ”.



На прэзентацыі Вас чакае цікавая размова з паэткай, чытанне вершаў аўтаркай у арыгінале і перакладчыкам на беларускай мове, адказы на пытанні. Таксама кожны ўдзельнік будзе мець унікальную магчымасць набыць паэтычны зборнік “36 м² думак” па прывабным кошце і атрымаць аўтограф аўтара і перакладчыка.

УВАХОД ВОЛЬНЫ

САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!