Літаратурна-мастацкая выстава “Крама з цытатамі”


Выстава ўяўляе сабой 30 цытат знакамітых палякаў у дызайнерскім графічным афармленні, што натуральным чынам дадае да іх літаратурнай вартасці вартасць мастацкую. Аўтаркай і ўвасабляльніцай ідэі з’яўляецца дызайнерка, фатографка і тэатразнаўца Дар’я Мельцажэвіч. Яна захапляецца літаратурай і стварае партрэты вядомых творцаў, а самыя цікавыя іх выказванні размяшчае на прадметах штодзённага ўжытку. І такім чынам заахвочвае чытаць кнігі.
Дар’я Мельцажэвіч вучылася ў Мастацкім універсітэце ў Познані, Вышэйшай школе прыкладной інфарматыкі і кіравання ў Варшаве, Універсітэце імя Адама Міцкевіча ў Познані. Мастачка рэалізавала вялікую колькасць разнастайных графічных і фатаграфічных праектаў, распрацоўвала дызайн кніжных вокладак, была мастацкім рэдактарам навуковага часопіса. Лаўрэатка мастацкіх узнагарод, неаднаразова прымала ўдзел у індывідуальных і калектыўных выставах у Польшчы і за мяжой.


Крама выдатна ўпісалася ў культурную тканку Познані, але яе дыяпазон значна шырэйшы: праекты “Крамы з цытатамі” з’яўляюцца на сайтах розных выдавецтваў, крама трапіла ў спіс дзесяці незвычайных крамаў свету і знаходзіцца ў топе спісу месцаў, якія варта наведаць у Познані (згодна з рэйтынгам часопіса “Падарожжы”); праект нават стаў аб’ектам даследавання на літаратуразнаўчай канферэнцыі, прысвечанай памежжам літаратуры. Крама супрацоўнічае з буйным міждысцыплінарным фестывалем “Мальта”, рэалізуючы адну са сваіх сацыяльных ініцыятыў: у межах фестывалю на Плошчы Свабоды ў Познані адбыліся публічныя чытанні рамана “Транс-Атлантык” Вітальда Гамбровіча – ад першай старонкі да апошняй. Мэта праекта – папулярызацыя чытання, і ён будзе працягвацца ўжо з іншымі творамі.