падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Прэзентацыя выдання “Касцёлы і кляштары даўняга Брэст-Літоўскага ваяводства”

9 чэрвеня 2017Гісторыя
Месца: Мінск, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, вул. Акадэмічная, 1, зала пасяджэнняў Вучонага савета, п. 223

9 чэрвеня а 15.30 у межах міжнароднай навуковай канферэнцыі “У коле мясцовых спраў і праблем: Рэлігійнае жыццё ў Вялікім Княстве Літоўскім і Каралеўстве Польскім у XVI–XVIII стст.”  адбудзецца прэзентацыя чарговага тома з серыі “Матэрыялы да гісторыі сакральнага мастацтва” / польск. „Materiały do dziejów sztuki sakralnej”/, што выходзіць у свет з 1993 года, пад рэд. прафесара Яна К. Астроўскага. На прэзентацыі будзе прадстаўлены том “Касцёлы і кляштары даўняга Брэст-Літоўскага ваяводства”.
 
З пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя мастацтвазнаўцамі з Кракава і Варшавы праводзіцца грунтоўная акцыя дакументавання і апісання аб’ектаў сакральнага мастацтва даўняй Рэчы Паспалітай.
 

Яе вынікам стала 36 тамоў матэрыялаў і даследаванняў, падзеленых на пяць частак, адпавядаючых даўнім, існуючым да 1795 г. ваяводствам Рэчы Паспалітай (Рускае ваяводства на тэрыторыі сучаснай Украіны, Віленскае, Навагрудскае, Троцкае і Брэст-Літоўскае ваяводствы на тэрыторыі сучасных Беларусі і Літвы).

У 1993-2016 гадах у межах серыі было выдадзена каля 40 тамоў. Кожны з іх з’яўляецца комплекснай манаграфіяй аб’ектаў сакральнага мастацтва – касцёлаў, кляштараў, капліц, укладзенай згодна з пэўнай схемай: агульная гісторыя аб’екту, апісанне архітэктуры і ўнутранага аздаблення, стан іх захаванасці, а таксама ацэнкі іх мастацкай каштоўнасці. У канцы матэрыялы падсумоўваюць дадаткі з пералікам важнейшых крыніц. Акрамя тэкстаў тамы ўтрымліваюць грунтоўную ілюстратыўную частку: здымкі саміх аб’ектаў, выкананых падчас інвентарызацыі, а таксама архіўныя матэрыялы - фатаздымкі, малюнкі, планы і ўсю даступную іканаграфію.

Прэзентаваная кніга “Касцёлы і кляштары даўняга Брэст-Літоўскага ваяводства” з’яўляецца чарговай часткай дакументацыі з зямель даўняга Брэст-Літоўскага ваяводства. Усе тэксты створаны на падставе вынікаў доўгіх даследаванняў у замежных і польскіх архівасховішчах.

На сённяшні момант выйшла ўжо тры тамы, прысвечаныя святыням гістарычнага Палесся, якія ўтрымліваюць амаль 50 нарысаў, пачынаючы ад вялікіх касцёльна-кляштарных комплексаў і заканчваючы невялікімі могілкамі і прыдарожнымі каплічкамі. У трэцім томе знаходзяцца апісанні святынь другога найважнейшага цэнтра Палесся – Пінска. Аўтары паспрабавалі стварыць сінтэтычны вобраз па гісторыі сакральных аб’ектаў даўняга Пінска, звязаных з каталіцкім Касцёлам, як існуючых дагэтуль, так і вядомых нам толькі па архіўных крыніцах XVII-ХХ стст. У той жа час у томе не прадстаўлены самы старажытны комплекс Пінска – францысканскі манастыр і касцёл, якому будзе прысвечаны асобны, наступны том.

Прэзентацыя адбудзецца з удзелам прадстаўнікоў Інстытута гісторыі мастацтва Польскай акадэміі навук.