падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Выстава студэнцкага плаката Акадэміі мастацтваў у Катавіцах

19 сакавiка 2013Мастацтва
Месца: Гродна, Галерэя "Universum" Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, вул. Э. Ажэшкі, 22

Выстава студэнцкага плаката Акадэміі мастацтваў у Катавіцах

куратары: Катажына Гаўрых–Алендэр, Моніка Старовіч

майстэрня дызайну для маркетынгу, майстэрня дызайну плаката

вернісаж выставы 19.03 – 16.00

Галерэя Universum Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта
імя Янкі Купалы
(вул. Ажэшкі, 22, Гродна)


Майстэрня дызайну для маркетынгу займаецца цэлым шэрагам пытанняў, звязаных з дызайнам на заказ. Студэнты знаёмяцца з тэмамі, якімі будуць займайцца ў звычайнай працы графіка-дызайнера. Яны вучацца падыходу да кліента, збору неабходнай інфармацыі, каб выканаць заданне. Дызайнер – гэта не толькі “чалавек ад малюнкаў” – сёння гэта дасведчаны і рознабаковы творца. Таму выкладчыкі ў майстэрні знаёмяць студэнтаў таксама з працай капірайтараў. Кожны мусіць задаць сабе пытанне: да каго скіраваны праект? І толькі пасля – як яго выканаць? Студэнты выконваюць заданні рознай ступені цяжкасці – ад асноўных, такіх як рэклама тавара ці стандартызацыя лагатыпа, да заданняў, звязаных са стварэннем іміджу фірм ці арганізацый (візуальная ідэнтыфікацыя, гадавыя рапарты). Другой сферай дзейнасці майстэрні з’яўляюцца пытанні прамоцыі, г. зн. стварэнне іміджавых ці грамадскіх кампаній, дзе студэнты часта спрабуюць адказаць на пытанні, якія іх саміх хвалююць.

Амаль заўсёды часткай гэтых заданняў з’яўляецца плакат. Студэнты знаёмяцца з механізмамі стварэння паведамленняў як камерцыйных, так і ідэйных. Тут плакат – гэта заўсёды сувязь выявы і слова. Майстэрняй кіруюць: навуковы супрацоўнік Катажына Гаўрых-Алендэр, кандыдат навук Марыян Славіцкі і магістр Пётр Дзік.

Майстэрню дызайну плаката студэнты выбіраюць добраахвотна. У майстэрні можна рабіць дыпломную працу на кірунку дызайну плаката, а таксама яна можа быць дадатковым прадметам на такіх кірунках, як жывапіс, станкавая графіка, дызайн на стацыянарнай і нестацыянарнай форме навучання.

Плакат з’яўляецца мастацтвам на заказ. Кожная тэма – гэта творчы выклік, які адкрывае новыя абшары пазнання. Разнастайнасць тэм уплывае на развіццё мастацкай формы. Плакат з’яўляецца інтэлігентнай забавай, інтэлектуальнай прыгодай, вытанчаным візуальным творам, які складаецца з розных мастацкіх элементаў. Ён вучыць, забаўляе, выхоўвае адначасова і творцу, і гледача. Ад свайго пачатку і да цяперашняга часу ён з’яўляецца адлюстраваннем стыляў, кірункаў, моды, якая пануе ў мастацтве. Ён з’яўляецца фармальным сінтэзам зместу і часу, у якім ён ствараецца, а таксама асобы мастака. Добры мастацкі плакат мае цікавае жыццё. Ён з’яўляецца эфектам пэўнага заказу, мае разнастайную тэматыку – грамадскую, ідэйную, культурную, рэкламную. Гэта вулічнае мастацтва, але на вуліцы ён не заканчвае свайго жыцця. Ён вандруе па розных выставах, трапляе ў галерэі, музеі. Яго набываюць, калекцыянуюць як аб’ект мараў, развагі, рэфлексіі, забавы.

Плакатнае мысленне аказвае ўплыў на стварэнне новых форм мастацкага выказвання. Ён становіцца прычынай ламання бар’ераў у вырашэнні розных творчых задач, якія прыўносіць жыццё. Схема заняткаў у майстэрні дызайну плаката ахоплівае: размовы на зададзеныя выкладчыкамі тэмы ці індывідуальныя тэмы, прапанаваныя студэнтамі, “мазгавы штурм”, а таксама накіды і ўступныя праекты, а пазней – дапрацоўка канчатковай мастацкай формы, друк і прэзентацыя плакату па-за майстэрняй. Студэнты і выпускнікі майстэрні плаката прымаюць актыўны ўдзел у конкурсах і аглядах плаката ў Польшчы і за яе межамі. Майстэрню вядуць праф. Раман Каларус, навуковы супрацоўнік Моніка Старовіч і магістр Міхал Сітэк.

Катажына Гаўрых-Алендэр
Моніка Старовіч