падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Выстава прац фотамайстэрні Акадэміі мастацтваў у Катавіцах

29 мая 2012Мастацтва
Месца: Мінск, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, пр. Незалежнасці, 47

Выстава прац фотамайстэрні Акадэміі мастацтваў у Катавіцах

У майстэрні фатаграфіі Катавіцкай акадэміі мастацтваў маюць магчымасць працаваць  студэнты амаль што ўсіх факультэтаў акадэміі. Фатаграфія як важны элемент візуальнай камунікацыі, а таксама медыум мастацкага выказвання, займае істотнае месца ў дыдактычным працэсе. Студэнты спасцігаюць асновы тэхнікі фатаграфавання, каб пазней рэалізаваць свае аўтарскія творчыя праекты. У майстэрні працуе зладжаны калектыў педагогаў, якія таксама з’яўляюцца актыўнымі і вядомымі мастакамі: Анна Лорэнц, Анна Сельска, Вітольд Яцыкаў, Пётр Мушалік і Кшыштаф Шэўчык. Іх творчасць упісваецца ў многія напрамкі сучаснай фатаграфіі.
 АННА ЛОРЭНЦ
Выпускніца Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Катавіцах. Фатаграфія дае ёй магчымасць як назірання, так і паказу свету праз фільтр уласных адчуванняў. Выявы на матавым шкле камеры заўсёды з’яўляюцца кавалкам рэчаіснасці; некаторыя з гэтых фрагментаў выклікаюць у яе асаблівую зацікаўленасць, часам гэта вынікае з іх эстэтычных вартасцяў, а часам - з пункту гледжання на сам прадмет выявы. Фатаграфія заўсёды была для яе адной з магчымых тэхнік стварэння выяў, падобна як жывапіс, рысунак ці графіка, але больш яе прыцягвала, здавалася больш блізкай сучаснасці, а таксама бальш “паспяховай” з увагі на сваё непасрэднае, механічнае натаванне рэчаіснасці. Яе таксама цікавіць стварэнне творчых выяў і суб’ектыўнае дакументаванне.

фот. АННА ЛОРЭНЦ
 
ПЁТР МУШАЛІК
Выпускнік Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Катавіцах. Цікавіцца фатаграфіяй як мастацкім медыумам, які з’яўляецца полем фармальных і прафесійных эксперыментаў. Стварае фотацыклы. Натхняецца традыцыйнай, аналагавай фатаграфіяй, спрабуючы ўзбагачаць яе новымі графічнымі формамі. Па зместавым значэнні яны адносяцца да экзістэнцыяналізму ў шырокім значэнні. Займаецца сферай інтымнай міжасобаснай камунікацыі, стратай вартасці слова, дыялогам з часам і аспектамі недаўгавечнасці. Яго фатаграфіі звяртаюцца да іканаграфіі нежывой прыроды і пейзажаў, з’яўляюцца таксама данінай фатаграфіі, зробленай з выкарыстаннем класічнага абсталявання і хімічнай тэхналогіі.

фот. ПЁТР МУШАЛІК
 
КШЫШТАФ ШЭЎЧЫК
Кшыштаф Шэўчык выпускнік Інстытута Творчай фатаграфіі ў Апаве. Яго фатаграфічная творчасць вынікае з патрэбы дакументавання грамадскіх з’яў унікальнага характару. Яго цікавяць сітуацыі масавага выражэння патрыятычных або рэлігійных пачуццяў, у якіх дамінуе карыкатурная сімволіка і перамалёўванне значэння прадметаў культу. На гэтым фоне ён назірае за людзьмі, якія прымаюць іррацыянальныя ўзоры паводзін, у якіх вера, робячыся часткай масавай культуры, часта становіцца павярхоўным кічам. У сваёй творчасці ён засяроджваецца таксама на вытанчаным дакументаванні аясяроддзя пражывання чалавека.

фот. Кшыштаф Шэўчык
ВІТОЛЬД ЯЦЫКАЎ
Выпускнік Сілезскага ўніверсітэта ў Катавіцах. Займаецца аналагавай і лічбавай фатаграфіяй. Яго фатаграфія з’яўляецца рэакцыяй на інтрыгуючыя падзеі сучаснасці як у фармальным, так і ў зместавым аспекце. Аддае перавагу шырокай, шматпланавай фотаінтэрпрэтацыі тых самых тэм у залежнасці ад кантэксту іх узнікнення. Канчатковая форма яго фатаграфій вынікае з надання ім эстэтычных каштоўнасцей, блізкіх жывапісу. Займаецца творчай і ўтылітарнай фатаграфіяй. Часцей за ўсё фатаграфуе партрэт, аголеную натуру, пейзаж і сацыяльнае асяроддзе чалавека.

фот. Вітольд Яцыкаў
АННА СЕЛЬСКА
Выпускніца Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Катавіцах і Інстытута Творчай фатаграфіі ў Апаве. Фатаграфуе тыя месцы, дзе падарожнічае. Яе фатаграфія звяртае ўвагу на разнароднасць пейзажу, незвычайныя аб’екты, сітуацыі з удзелам чалавека. Яна працуе ў лічбавай тэхналогіі, але не карыстаецца кам’ютарнымі праграмамі для апрацоўкі фатаграфій. Матэрыял адпавядае арыгіналу. Сваёй дзейнасцю, якая адносіцца да напрамку традыцый краязнаўчай дакументалістыкі, яна ўносіць сучасны погляд і філасофскую дыстанцыю. Ва ўсіх прадстаўленых фатографаў мастацкія прэферэнцыі розныя, але існуе агульны пласт іх дзейнасці. Усе яны педагогі. Яны вучаць фатаграфіі ў Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Катавіцах. Менавіта разнароднасць асабістых творчых поглядаў, адкрытасць і разуменне іншых дае ім магчымасць пазітыўна ўздзейнічаць на студэнтаў, якія вучацца шанаваць розныя погляды і творча выкарыстоўваць гэтую рознасць.
 

фот. Анна Сельска