падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Выстава “Акадэмія 100 плакатаў”

1 - 21 чэрвеня 2017Мастацтва
Месца: Мінск, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, пр.Незалежнасці, 47

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія мастацтваў у Катавіцах
Польскі Інстытут у Мінску

запрашаюць на адкрыццё выставы “Акадэмія 100 плакатаў” са збораў Акадэміі мастацтваў у Катавіцах
 

Акадэмія Мастацтваў у Катавіцах выгадавалася на плакаце. Гісторыя навучальнай установы бярэ пачатак у сярэдзіне мінулага стагоддзя. Цягам доўгага часу вучэльня функцыянавала як Іншагародні факультэт прапагандысцкай графікі кракаўскай Акадэміі мастацтваў, і гэта значыць, што плакат з самага пачатку быў тым вызначальным кірункам, які старанна развівалі ў мурах установы.

Плакат – гэта мастацтва. Гэта насычаны дыялог творцы і адрасата. А яшчэ гэта мастацтва вуліцы, якое сёння аздабляе сцены галерэй па ўсім свеце. Выстава пад назвай “Акадэмія 100 плакатаў” – гэта рэтраспектывы, своеасаблівае сентыментальнае падарожжа, якое прадстаўляе творцаў, трэнды, з’явы, што фарміруюцца ўжо цягам некалькіх дзесяцігоддзяў. Мы пакажам плакаты майстроў, педагогаў і студэнтаў. Гэта працы, створаныя за апошнія 40 гадоў. Выстава ахоплівае як плакаты, зробленыя па замове, так і ўратаваныя ад забыцця працы, створаныя ў майстэрнях. Гэта так званая “Шафа прафесара Тадэвуша Грабоўскага”, ён цягам доўгага часу кіраваў майстэрняй праектавання плаката катавіцкай акадэміі яшчэ ў дакамп’ютарную пару. Прынагодна мы даведваемся, з якімі тэмамі сутыкаліся маладыя творцы амаль 40 гадоў таму. Асаблівай увагі заслугоўваюць тэмы “Жывёла” і “Партрэт педагога”, у якіх мы з радасцю пазнаем дасканала вядомыя абліччы нашых паважаных прафесараў.
 

Выпускнікі кракаўскай Акадэміі мастацтваў – гэта вядомыя і прызнаныя па ўсім свеце творцы. Нашы архівы захоўваюць шмат перлінаў, і адзінае, што абмяжоўвае нас, - гэта прастора, якой заўжды не хапае, каб прадставіць усе скарбы (а іх больш за дзвесце) на адной выставе. З вялікай радасцю мы прэзентавалі гэтыя працы падчас інаўгурацыі навучальнага года ў новым будынку нашай акадэміі і сустрэліся з хваляй сапраўднага зацікаўлення як з боку студэнтаў, так і з боку гасцей вучэльні. У гасцінным і любімым нашымі творцамі Мінску мы прадстаўляем толькі 60 прац. Сардэчна запрашаем паглядзець на кавалак нашай гісторыі, адлюстраваны на гэтых аркушах.

доктар Моніка Старовіч
куратар выставы