падпicка

пошук па архiве

з:
па:

Падзеi

Вернісаж выставы «Анджэй Струміла. Жывапіс»

1 красавiка 2015Мастацтва
Месца: Брэст, Выставачная зала Брэсцкага абласнога грамадска – культурнага цэнтра, вул. Савецкая, 54

1 красавіка 2015 года а 16-й гадзіне запрашаем на вернісаж выставы «Анджэй Струміла. Жывапіс», які адбудзецца ў выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска – культурнага цэнтра (Брэст, вул. Савецкая, 54). Выстава арганізавана пры супрацоўніцтве Маршалкоўскага Ураду Падляшскага Ваяводства, Музея Падляшскага ў Беластоку, Польскага Інстытута ў Мінску і Генеральнага консульства Рэспубікі Польшча ў Брэсце.
 

“Анджэй Струміла з'яўляецца, і ў той жа час не з'яўляецца грамадзянінам свету. З’ўляецца, таму што яго творчасць сягае самых глыбокіх вытокаў мастацтва, думкі, адчувальнасці. Дзякуючы гэтаму, яго карціны, скульптуры, малюнкі разумеюць і імі захапляюцца ўсюды - ад Токіа праз Маскву, Берлін, Антвэрпэн, Мілан, аж да Нью-Ёрка. І ён не грамадзянін свету, таму што не перанес на сябе тыповы для гэтай катэгорыі касмапалітызм. Гэта, здаецца, яго найвялікшая вартасць. Абагульняючы, ён таксама можа быць прыкладам таго, як у сучасным свеце, застаючыся самім сабой, моцна ўкаранёным тут, на польска - беларуска – літоўскім памежжы, быць успрымальным назіральнікам свету. Набыў Струміла і яго [свету] разнастайнасць і мудрасць, якую выказвае як праз сваю ​​творчасць, а паэзія Яму таксама вельмі блізкая, так і праз тое, што ён апавядае. Але тое, як апавядае, зноў жа ставіць Яго тут, у нас, паміж сваімі. Гэта незвычайная, прыгожая мелодыка Яго аповеду вельмі зразумелая.

Выстава ў выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска – культурнага цэнтра, на якой прадстаўлены толькі жывапіс Прафесара з'яўляецца чарговай у серыі юбілейных прэзентацый Яго творчасці. У 2012 годзе Мастак, святкуючы свой ​​85-ы дзень нараджэння зрабіў нам усім падарунак. Сам таксама адчуваў радасць і задавальненне, рыхтуючы вялікія выставы ў Сопаце, Кракаве, у 2013 годзе ў Беластоку, у 2014 – 2015 гг. у Мінску і Гомелі. Добра, што цяпер Ён у Брэсце”.

Анджэй Лехоўскі, дырэктар
Падляскага Музея ў Беластоку

Анджэй Струміла

Мастак, ілюстратар, фатограф, скульптар, графік, паэт і вандроўнік, актыўны дзеяч у галіне развіцця культуры і аховы ландшафту паўночна-ўсходняй Польшчы. Вельмі важную пазіцыю ў творчасці мастака займае выставачная дзейнасць (выставачная архітэктура і графіка), тэлевізійная і тэатральная сцэнаграфія, дызайнерская графіка (робіць дызайн кніг, каталогаў, плакатаў), кніжная ілюстрацыя, эсэістыка і публіцыстыка. Цікавіцца таксама дызайнам прасторы (фарміраваннем краявіду.) Анджэй Струміла з’яўляецца ініцыятарам, арганізатарам і куратарам шматлікіх выстаў і пленэраў.

Нарадзіўся 23 кастрычніка 1927 года у Вільні. Дзяцінства правёў у Свянцянах над Жэймянай, у Вільні і Лідзе, юнацкі перыяд – на наваградскай зямлі. У маі 1945 года прыязджае ў Лодзь і пачынае навучанне ў Дзяржаўнай вышэйшай школе выяўленчых мастацтваў (дзе заняткі вядзе Уладзіслаў Стшэміньскі , пасля двух гадоў пераходзіць на факультэт жывапісу Кракаўскай Акадэміі выяўленчага мастацтва (дыплом 1950). У 1949-1953 гг. з’яўляецца асістэнтам Я. Эйбіша ў Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Кракаве, адначасова ў 1951/1952 і 1952/1953 навучальных гадах – асістэнтам Т. Грыгеля і А. Рыхтарскага ў Дзяржаўнай вышэйшай школе выяўленчых мастацтваў у Лодзі. У 1953 годзе яго, разам з дзесяццю іншымі мастакамі, накіроўваюць у Маскву для знаёмства з прынцыпамі функцыянавання і праграмай навучання студэнтаў у мясцовых мастацкіх школах. Пасля вяртання адмаўляецца ад педагагічнай працы ў вучэльні і асядае ў Піскай пушчы ў вёсцы Крыжы. Праз год адбылася яго першая аўтарская выстава – у Інстытуце выяўленчага мастацтва ў Пекіне (у рамках культурнага абмену). Падчас двухмесячнага побыту ў Кітаі ён захапляецца шматвяковай традыцыяй і канонамі прыгажосці ў духу Азіі, рэлігіяй і філасофіяй Усходу. На досвед авангардызму У. Стшэміньскага, набыты ў лодзкай вучэльні і каларыстаў кракаўскай Акадэміі, накладваюцца каліграфія, сімвал, лапідарнае скарачэнне і дасягненні культуры з непараўнальна доўгай гісторыяй. У 1956 годзе пераязджае ў Варшаву, пачынае супрацоўніцтва з Польскім гандлёвым домам (для якога праектуе выставачныя павільёны) і дзякуючы якому, у тыя цяжкія часы, можа падарожнічаць па Еўропе і краінах Далёкага Ўсходу. У наступныя гады падарожнічае па Непале, Індыіі, Японіі, Тайландзе, ваенным В’етнаме, вандруе праз Манголію, Кітай, Сірыю, Турцыю, Сібір і Каўказ. Плёнам гэтых падарожжаў з’яўляюцца сотні рысункаў і тысячы фатаграфій, нататкі і трафеі ў выглядзе твораў мастацтва і прадметаў матэрыяльнай культуры. Паўстаюць цыклы рысункаў і фатаграфій, такія як: Кітай (1954 і 1961), Італія (1957), Далёкі Ўсход, СССР (1958), Індыя (1959, 1970 і 1972), Манголія (1967), В’етнам (1969, 1970, 1978), Японія і Тайланд (1978). Шмат з прывезеных мастаком прадметаў папоўніла калекцыі польскіх музеяў – асабліва Музей Азіі і Ціхаакіянскага рэгіёна ў Варшаве, а таксама Этнаграфічнага музея ў Кракаве. У 1977-1980 гг. з’яўляецца прафесарам Кракаўскай Акадэміі выяўленчага мастацтва; адзін з ініцыятараў, а з 1977 года адначасова камісар, інтэрдысцыплінарных сустрэч “Мастацтва і асяроддзе ў Вігры”, плёнам якіх з’яўляюцца (апрача выстаў і публікацый) праграмы для Вігерскага, Сувальскага і Мазурскага ландшафтных паркаў, а пазней для Вігерскага нацыянальнага парка і фонду “Зялёныя лёгкія Польшчы”. У 1982 годзе выйграе адкрыты конкурс на пасаду кіраўніка Graphic Presentation Unit Генеральнага сакратарыята ААН у Нью-Ёрку – дызайнерскай майстэрні, якая рэалізуе выданні для ААН, ЮНЕСКА, ФАО і ЮНІСЕФ. У Нью-Ёрку ён другі раз мае магчымасць супрацьпаставіць дзве рэчаіснасці – на гэты раз, досведу з падарожжаў па Азіі са светам Захаду, светам канцэнтрацыі капіталу, дасканалай арганізацыі і неабмежаванага спажывання. Пасля двух гадоў працы для ААН вяртаецца ў Варшаву і вырашае асесці ў вёсцы, на мяжы Польшчы і Літвы, блізка Вільні і месцаў, якія нагадваюць яму атмасферу дзяцінства. Ён набывае зямлю ў Мацьковай Рудзе над Чорнай Ханьчай, будуе дом з лістоўніцы, працуе на зямлі і гадуе коней. Працягвае інтэнсіўна працаваць – малюе, піша, праектуе выданні і сцэнаграфію (апошняя рэалізацыя – сцэнаграфія да “Арфея і Эўрыдыкі” для Опернага Тэатра ў Вільні, 2009); удзельнічае ў разнастайных дызайнерскіх і культурных ініцыятывах для развіцця рэгіёна, выкладае ў філіяле Каталіцка-тэалагічнай Акадэміі ў Сувалках (1987-1988), Мазурскім універсітэце ў Алецку (з 90-х гг. ХХ стст. да 2008 г.), Тэхналагічным універсітэце ў Беластоку, з’яўляецца куратарам шматлікіх міжнародных пленэраў для скульптараў і мастакоў.

У творчай біяграфіі мастака звыш ста індывідуальных выстаў (жывапісу, рысункаў, фатаграфіі) у Польшчы і за мяжой, між іншым у Варшаве, Вроцлаве, Кракаве, Шчэціне, Лодзі, Катавіцах, Ольштыне, Эльблангу, Торуні, Плоцку, Радомі, Сувалках, Пекіне, Нью-Дэлі, Улан-Батар, Ханоі, Катманду, Токіа, Берліне, Брэмене, Антвэрпэне, Медыялане, Дысбургу, Празе, Братыславе, Маскве, Ленінградзе, Вільні, Коўне, Друскеніках, Шаўлях (Літва), Южна-Сахалінску, Нью-Ёрку, Мідвілі (ЗША); а таксама ўдзел ў велізарнай колькасці калектыўных выстаў (у тым ліку, прэзентуючых польскае мастацтва за мяжой), між іншым, у Нью-Ёрку, Гаване, Білефельдзе, Эдынбургу, Лісабоне, Мадрыдзе, Рыме, Генуі, Ліёне, Дзюсердольфе, Гановеры, Мюнстэры, Леверкузене і на Біенале ў Сан-Паўлу і Венецыі (дзе таксама стварыў дызайн польскага павільёна).

З’яўляецца аўтарам, сааўтарам і ілюстратарам звыш 150 кніг (у тым ліку папулярна-навуковых выданняў), томікаў паэзіі і альбомаў, між іншым, аўтарам 4 тамоў ілюстраванай паэзіі: “Маё” (Літаратурнае выдавецтва, Кракаў, 1970), “Як” (Літаратурнае выдавецтва, Кракаў, 1983), “Я” (Выдавецтва Stopka, Ломжа, 2010), “Я 2” (Выдавецтва Аркадзія, Сувалкі, 2011), а таксама часопісаў Factum est. Часопісы 1978-2006 (Выдавецтва Stopka, Ломжа, 2008); з’яўляецца адным з ініцыятараў выдання – разам з Ч. Мілашам і Т. Вэнцловам – і аўтарам канцэпцыі “Кнігі Вялікага княства Літоўскага” (Цэнтр “Pogranicze”, Сейны, 2009) – тома эсэ (дваццаці аўтараў з Польшчы, Літвы і Беларусі), перакладзеных на літоўскую, беларускую і ангельскую мовы.

Мастак быў або надалей з’яўляецца членам: Рады Культуры і Мастацтва пры Міністры культуры і мастацтва, Савету фонда польскай культуры, Ваяводскай камісіі аховы прыроды ў Сувалках, Навуковай рады Вігерскага нацыянальнага парка, Рады Падляшскага музея ў Беластоку і Музея Азіі і Ціхаакіянскага рэгіёна ў Варшаве, Фонду Памежжа ў Сейнах, Капітулы Залатога Скіпетра польскай культуры, Мастацкай рады Саюза польскіх мастакоў-фатографаў.

Анджэй Струміла ўганараваны многімі дзяржаўныммі адзнакамі і ўзнагародамі за творчыя дасягненні, распаўсюджванне польскай культуры за мяжой і грамадскую дзейнасць, між іншым: Кавалерскім Крыжом Ордэна Адраджэння Польшчы (1999), Афіцэрскім Крыжом Ордэна Адраджэння Польшчы, Камандорскім Крыжом Ордэна Адраджэння Польшчы (1999), Bundesverdienstkreuz (1999), Залатым Медалём Gloria Artis (2005), двухразова ўзнагародай Міністра культуры і мастацтва, узнагародай Міністра замежных спраў, узнагародай Горада Варшава, узнагародай Маршалка Падляшскага ваяводства і званнямі: Заслужаны для Горада Сувалкі (2001), Ганаровы Грамадзянін Горада Сувалкі (2002), Ганаровы Амбасадар Культуры Падляшша (2009).

У студзені 2004 года атрымаў ганаровую ўзнагароду “Залатых ключоў Ранішняга кур’ера” як знак прызнання чытачоў за грамадзянскую пазіцыю і шматгадовую самаадданую працу для рэгіёна і краіны.

У снежні 2008 года, у толькі што адрамантаваным будынку, пачаў сваю дзейнасць Цэнтр сучаснага мастацтва – Галерэя Анджэя Струмілы ў Сувалках (Аддзел Акруговага музея), які акрамя сталай экспазіцыі твораў мастака арганізоўвае таксама часовыя выставы мастацтва.

Партрэт Азнавура
 
Акно І
 
Цыкл "Галовы"
 
Цыкл "Галовы"